Прэзентацыя выстаўкі "Мітрафан Доўнар-Запольскі - даследчык гісторыі трох народаў"

 

14 чэрвеня 2013 г. а 14-й гадзіне ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі  (вул. Сурганава, 15, інфармацыйна-выставачны цэнтр, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя выстаўкі “Мітрафан Доўнар-Запольскі – даследчык гісторыі трох народаў”, падрыхтаванай Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Музеем гісторыі НАН Беларусі, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны, Санкт-Пецярбургскім філіялам Архіва Расійскай акадэміі навук.

Экспазіцыя адлюстроўвае шматгранную навуковую дзейнасць вядомага беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста і эканаміста  Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага (1867–1934). Пасля перыяду забыцця спадчына даследчыка, які цесна звязаў свае жыццё і творчасць з беларускім, украінскім і рускім народамі,  пачынае актыўна вывучацца.

ЦНБ НАН Беларусі прадстаўляе каля 100 дакументаў XVIII–XXI стст. з фондаў бібліятэкі: працы М. Доўнар-Запольскага (кнігі, артыкулы, рэцэнзіі), у тым ліку прыжыццёвыя выданні; літаратуру пра яго жыццё і дзейнасць; кнігі з асабістага кнігазбору навукоўца з яго аўтографамі і пячаткамі. На  выстаўцы таксама змешчаны матэрыялы пра М. Доўнар-Запольскага (фотаздымкі і ўспаміны) з асабістага  архіва  вядомага беларускага гісторыка, археографа М. Улашчыка, якія дазваляюць “убачыць” легендарнага вучонага падчас яго кароткага знаходжання ў Мінску  вачыма маладога на той час гісторыка.

Экспануюцца копіі дакументаў з Санкт-Пецярбургскага філіяла Архіва Расійскай акадэміі навук, Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Украіны, Дзяржаўнага архіва горада Кіева, Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнандскага, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі, якія раскрываюць малавядомыя старонкі жыцця і дзейнасці М. Доўнар-Запольскага. Многія з гэтых дакументаў будуць прадстаўлены ўпершыню і толькі ў дзень адкрыцця выстаўкі.

На імпрэзу запрошаны прадстаўнікі пасольстваў Расіі, Украіны, Азербайджана ў Рэспубліцы Беларусь, вядомыя айчынныя і замежныя навукоўцы.

        

Кантактныя асобы:

+ 375 17 284 10 12, + 375 17 284 10 13 Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі

+ 375 17 284 14 52 Таццяна Будзянкова, в.а. дырэктара Музея гісторыі НАН Беларусі

+ 375 17 284 16 10, + 375 17 294 54 75 Мікалай Токараў, к.г.н., ст.н.с. Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Loading...