Вечарына “І зноў была нядзеля, як тады, у сорак першым…”, прысвечаная 72-й гадавіне з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 10-й гадавіне з дня смерці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

 

20 чэрвеня 2013 г. а 16-й гадзіне ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі  (вул. Сурганава, 15, 1 паверх, п. 110) адбудзецца вечарына “І зноў была нядзеля, як тады, у сорак першым…”, прысвечаная 72-й гадавіне з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 10-й гадавіне з дня смерці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа НАН Беларусі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Да імпрэзы аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі падрыхтавана выстаўка “Пайсці і вярнуцца”, на якой прадстаўлены творы Васіля Быкава, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Тэма вайны стала галоўнай у пісьменніцкім лёсе аўтара. Ён паказаў вайну так, як ніхто, –  шчыра і праўдзіва, бо лічыў, што “толькі праўдзівыя і толькі да канца асэнсаваныя сведчанні мінулай вайны могуць саслужыць чалавецтву патрэбную службу”. Сваімі творамі Васіль Быкаў папярэджвае нас і наступныя пакаленні аб недапушчальнасці новай вайны, якая можа стаць апошняй для чалавецтва.

Асобны раздзел экспазіцыі прадстаўляе публікацыі пра жыццё і дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі.

Экспануюцца дакументы з асабістага архіва вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, якога звязвалі з Васілём Быкавым сяброўскія адносіны, сярод якіх фотаздамкі, паштоўкі,  жартоўны шарж на Васіля Быкава.

На выстаўцы можна пабачыць кнігі з аўтографамі Васіля Быкава, у тым ліку падараваныя аўтарам аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў акадэмічнай бібліятэкі.   

На сустрэчу запрошаны родныя Васіля Быкава, блізкія сябры, пісьменнікі. Падчас вечарыны прагучаць успаміны тых, хто блізка ведаў пісьменніка, сябраваў з ім, урыўкі з твораў Васіля Быкава, музычныя кампазіцыі на ваенную тэматыку.

        

 

Кантактныя асобы:

+ 375 17 284 10 12, + 375 17 284 10 13 Аляксандр Сцефановіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі

+ 375 17 334 56 21  Лідзія Шагойка, загадчык аддзела навуковай асветы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры

Loading...