Да 125-годдзя Кандрата Крапівы. Паглядзіце на адзіны ў краіне музей пісьменніка

23.03.2021 - 14:58

Навіны Беларусі. «Ах ты, свінтус грандыёзус!» Напэўна, усе з маленства чулі гэты выраз, але адкуль ён пайшоў у народ? Вядома, належыць гэты перл, як і шматлікія іншыя, востраму пяру бацькі беларускай сатыры Кандрату Крапіве. Чаму Крапіва, і які яшчэ дагэтуль невядомы псеўданім меў знакаміты байкапісец і драматург? Ці шмат ён смяяўся ва ўласным жыцці? Як прайшоў чатыры вайны і самай моцнай зброяй абраў гумар? Праграма «Цэнтральны рэгіён» на СТБ прысвечана 125-годдзю адной з самых выбітных постацяў беларускай літаратуры.

Каб больш даведацца пра легендарнага Крапіву, мы завіталі да яго каранёў, на малую радзіму. У вёсцы Нізок не захавалася нават фундамента роднай хаты, але кожны жыхар тут ганарыцца знакамітым земляком. Уздзенская другая школа больш за 30 год носіць імя першага народнага пісьменніка Беларусі. Тут беражліва захоўваюць памяць пра знакамітага земляка ў адзіным на ўсю краіну музее Кандрата Крапівы.

Апошні экспанат – кніга да 125-годдзя майстра слова, падарунак музею ад унучкі Кандрата Кандратавіча Алены Атраховіч. Кандыдат мастацтвазнаўства і адна з самых дасведчаных даследчыкаў шматграннага таленту пісьменніка. Па яе ўнікальных успамінах і будзем гартаць малавядомыя старонкі біяграфіі Кандрата Крапівы.

Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Трэба было сабраць матэрыял, асэнсаваць уласныя ўражанні, успаміны. Іх шмат. У кнігу ўключаны вельмі цікавыя матэрыялы. Напрыклад, тут надрукаваны ўрывак з п’есы «Брама неўміручасці», які, як жартаваў сам Кандрат Кандратавіч, не ўлез у п’есу. Тут ён упершыню надрукаваны, ён невялікі.

Гэтая рэч – яго пісьмовы стол. Ён вельмі яго любіў, набыў яго недзе ў 50-я гады мінулага стагоддзя і ўвесь час з ім не раставаўся, бо, відаць, добра пісалася за гэтым сталом.

Яна Шыпко, карэспандэнт:
Пакуль яшчэ няма помніка Кандрату Крапіве. Калі ўявіць, што такі з’явіцца, дзе, на ваш погляд, ён быў бы дарэчы і які ён павінен мець выгляд?

Алена Атраховіч:
У горадзе няма яшчэ помніка Кандрату Крапіве. І калі ўявіць сабе, дзе ён можа быць, – я бачыла бы гэты помнік у жанравым стылі. Не манументальны, а ў жанравым. Побач – героі баек, безумоўна. Такім чынам, гэты помнік мог бы існаваць у нейкім парку, скверыку.

Я вучуся ў школе, якая мае яго імя. Праходзім яго розныя байкі. Вельмі добры пісьменнік.

Ён падымае вельмі важныя тэмы на гэты момант і на момант усяго жыцця, таму мы з тэатрам пытаемся паказаць яго творчасць не толькі ў пісьмовым выглядзе, а на справе – з касцюмамі і іншым.

Loading...


Удзельнічаў у вайне і перакладаў міравых класікаў. Чым яшчэ займаўся бацька беларускай сатыры?



Навіны Беларусі. Вяршыняй творчасці Кандрата Крапівы многія лічаць менавіта яго байкі, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ. Яны зрабіліся настолькі папулярнымі ў народзе, што нават выдаваліся вось на такіх асобных пласцінках. Увогуле, Крапіва настолькі трапна кпіў над рознымі недахопамі грамадскасці, што дасталася нават нашаму брату-журналісту. Вось што ён напісаў у сваёй гумарыстычнай эпіграме.

Як буду я ляжаць ужо ў труне,
Закончыўшы зямныя справы,
Ён, заклапочаны, рухавы,
Падскочыць з мiкрафонам да мяне
I скажа: «Цесната, я ледзь прабраўся.
Ну як вам мiтынг, спадабаўся?

Яна Шыпко, карэспандэнт:
Вось так, скажу шчыра, з гумарам, але па справядлівасці па нашаму часам вельмі дакучліваму брату.

Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Справа ў тым, што гэта апошняя эпіграма, якую ён напісаў у сваім жыцці. Яна напісана незадоўга да таго, як ён пайшоў з жыцця. Нават, бачыце, над гэтай падзеяй ён пажартаваў. Вось што значыць гумар.

Кірыл Глод, загадчык музея Кандрата Крапівы, выкладчык гісторыі Ўздзенскай СШ № 2 імя К. К. Крапівы:
У Кандрата Крапівы ёсць некалькі вельмі яскравых вобразаў. Па-першае, ён настаўнік. Салдат. Потым, канешне, гэта драматург, байкапісец і паспяховы навуковы супрацоўнік. Першая сусветная вайна – ён скончыў школу прапаршчыкаў і трапіў на Румынскі фронт у 1916 годзе. Ён удзельнічаў у баявых дзеяннях, але быў паранены, адпраўлены ў тыл і дэмабілізаваны.

Нават паспеў папрацаваць пасля вайны, з лістапада 1918 года, у школе адной з вёсак. Аднак не вельмі доўга, таму што ўжо пачалася польска-савецкая вайна. То бок, Першая сусветная, польска-савецкая вайна – гэта роля салдата, чалавека, які непасрэдна прымаў удзел у баявых дзеяннях.

Таксама гэта датычыцца зімняй вайны з Фінляндыяй 1939-1940 гадоў. Але ўжо ў Другой сусветнай вайне яго роля была іншай, таму што чалавек ужо з багатым літаратурным вопытам, з вопытам працы ў навуковай установе – яму пашчасціла папрацаваць рэдактарам некалькіх выданняў.

Вольга Гулева, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларуская літаратуры:
З 1943 і па 1945 год гэту газету ўзначальваў Кандрат Кандратавіч Крапіва, быў галоўным рэдактарам. Зразумела, што ён друкаваўся і як аўтар, таму газета дае магчымасць нам з вамі ўзгадаць і працу яго як рэдактара і байкапісца, бо гады вайны – гэта трагічныя падзеі, і побач з сапраўднай зброяй паўстала мастацкае слова, бо пісьменнікі, паэты, празаікі добра разумелі, што слова падтрымлівае чалавека там – і на фронце, і на акупаванай тэрыторыі.

Сапраўды былі значнымі сатырычныя творы, якія падтрымлівалі, давалі сілу. Так гэта праіснавала да 1945 года, а ў 1945 годзе знікае «Раздавім фашысцкую гадзіну», затое нараджаецца «Вожык». Першыя гады «Вожыка», 1945-1947, узначаліў якраз Кандрат Кандратавіч Крапіва. А па жыцці ён заўсёды заставаўся з сатырай.

Яна Шыпко:
Магчыма сказаць, што Кандрат Кандратавіч быў паліглотам?

Алена Атраховіч:
У яго, відаць, былі прыродныя здольнасці да вывучэння мовы, таму што трэба мець нешта ад прыроды. Ён добра ведаў нямецкую мову, чытаў нямецкую літаратуру ў арыгінале, выпісваў нямецкую прэсу і чытаў, што адбываецца ў свеце, у Германіі. Вельмі добра ён ведаў польскую мову. Я лічу, што дасканала ведаў – таксама ў арыгінале чытаў і перакладаў творы.

Яна Шыпко:
Дзякуючы Кандрату Крапіве многія творы міравых класікаў загучалі па-беларуску. Як ён ставіўся да сваёй працы над перакладамі?

Алена Атраховіч:
Кандрат Кандратавіч перакладаў і Астроўскага, і Шэкспіра, Адама Міцкевіча, Чэхава. Я думаю, што атрымаецца зборнік.

Яна Шыпко:
Напэўна, дзякуючы такой папулярнасці, Кандрат Кандратавіч атрымліваў вельмі шмат лістоў. Як ён падтрымліваў зваротную сувязь з чытачамі?

Алена Атраховіч:
Ён атрымліваў шмат лістоў, і лісты, якія захаваліся, а ён беражліва рэчы захоўваў, зараз знаходзяцца ў архіве Акадэміі навук. Дарэчы, ён жа быў дэпутатам Вярхоўнага Савета некалькіх скліканняў, і ў гэтым накірунку таксама ішла актыўная перапіска. Я вельмі добра гэта памятаю, як людзі звярталіся, ён дапамагаў. Я яму кажу: давай я на машынцы надрукую. Дык ён кажа: не, трэба ад рукі – так цяплей будзе.

«Яго гумар быў заўсёды дарэчы». Унучка Кандрата Крапівы ўспамінае, якім быў яе знакаміты дзядуля ў жыцці – чытайце ў матэрыяле.