Выцягнеш кола – выйдзеш за каханага, манету – за багатага. Расказваем, як нашы продкі варажылі ў ночь на Стары Новы год

12.01.2018 - 13:57

З 13 па 14 студзеня мы адзначаем самае чароўнае свята – Стары Новы год. Па народных павер'ях, менавіта ў гэту ноч здымаюцца ўсе забароны, а таямнічыя сілы спускаюцца на зямлю! Нашы продкі верылі ў магію свята і заўсёды збіраліся, каб паваражыць. Уяўна адгароджваліся ад рэальнага свету і звярталіся да іншаземных сіл!

Касцяневіч Надзея, загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры побыту:
Канешне гэта пара была для дзяўчын. Бо, як вы ведаеце, выдавалі  замуж не па любві. Але ж усё роўна ім было цікава, ці прыгожы будзе хлопец, якога колеру ў яго будуць вочы і валасы.

Раней лічылася, што жывёлы таксама могуць прадказаць будучыню. Таму вельмі часта дзяўчыны варажылі з сабакам, катом, пеўнем і нават з каровай!

Касцяневіч Надзея:
Выходзіла дзяўчына ў ноч, калі ўжо цёмна, у хлеў і абдымала карову. За якую частку цела яна абдыме  такі і будзе жаніх. Калі, напрыклад, рогі- багаты жаніх, за сярэдзіну, за жывот будзе сярэдненькі, небагаты і небедны, а калі за хвост то нейкі прахвост, недарэка нейкі.

Перад тым, як паглядзець у будучыню, дзяўчыны абавязкова распляталі косы, здымалі пояс, кольца, лішнія прадметы, якія захоўвалі ад замагільных сіл. Варажылі ноччу, у поўнай цемры, каб іх ніхто не ўбачыў і не пачуў.

Курановіч Паліна, малодшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту:
Самыя такія лёгкія гаданія былі, гэта проста маглі цянуць розныя рэчы. Іх хавалі, ці ў зерне, ці пад хустку. Вугаль гэта быў вдавец, такі пагарэлец. Багацце вызначала гэта будзе хлеб, еслі выцянула ляльку, то значыць, што будзешь мець дзіця да замужества, гэта таксама было не вельмі добра. Люстэрка значыла, што выйдзешь за такога прыгожага хлопца, нарцыса.

Любімая варажба ўсіх дзяўчын — гэта гаданне з люстэркам. У яго адбітку можна было ўбачыць будучага мужа. Але шмат хто баяўся, бо верылі, што люстэрка – пераход ў іншы свет, мала што можа з'явіцца.

Варажылі дзяўчыны і на вуліцы. Напрыклад, са збана з зернем выцягвалі прадметы: кола – выйдзеш за каханага, манета – за багатага. Падкідвалі лапці, у якім кірунку ўпадзе, адтуль і каханы прыйдзе. А часта варожбы прымалі форму гульні.

Касцяневіч Надзея:
Нашы прабабулі казалі, што колькі раз яны не гадалі, усе спраўджавалася заўседы. Казалі: «Да, я прысніла свайго суджанага, я яго ўбачыла ў сне». Таму яны нам даказваюць, што гэта ўсе праўда. Давайце вось пара, рыхтуйцеся да варажбы і пачынайце.

Тайны варожбаў перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Чалавек заўсёды жадае ведаць сваю будучыню. Але не трэба забываць і пра сучаснасць. Тое, што адбудзецца заўтра падуладна толькі нам самім!



«Дзівяцца, што людзі могуць так зрабіць». Як ствараюць унікальныя гродзенскія дываны



Вера Iгнатаўна тчэ на кроснах, нібы грае на піяніна. Замест клавіш – ніткі. Адначасова распісваць два палатна яна вучыць моладзь з радасцю. Але стварыць падвойныя дываны могуць далёка не ўсе. Гэта тэхналогія вельмі складаная.

Вера Белакоз, народны майстар Рэспублікі Беларусь:
Тчэцца адразу дзве тканіны, снуецца дзве асновы, двух колераў двое. На цёмным фоне адна тканіна, а з другога боку іншая тканіна.

Марына Камінская, кіраўнік народнай студыі «Суквецце талентаў» (г. Гродна):
Рэгіён распаўсюджвання  Гродна-Беласток-Аўгустоў. Мой дзед з Сакольскага павета, там было беларускае насельніцтва. Пасля вайны падзялілі Беласточчыну, большая частка ў Беларусь увайшла, астатняя ў Польшчу. Рэгіён падвойнага ткацтва быў радзелены. 

У 1928 годзе Юзаф Ядкоўскi так захапіўся гродзенскімі дыванамi, што сабраў ў этнаграфічнай экспедыцыі калекцыю. Шкада, лёс склаўся так, што сёння яна знаходзіцца на Беласточчыне. Але ў Гудзевічах не страцілі надзею, і ў 90-ые гады вырашылі адрадзіць традыцыю. І хоць Вера Iгнатаўна за кроснамi з 14-ці гадоў, і разам з мамай сагравала кажухамі ўсю сям'ю, вучыцца подвойнаму ткацтву прыйшлося з нуля. За майстар-классам паехала ў Адэльск да Ядвігі Райскай.

Марына Камінская:
Самыя традыцыйныя гэта вясельныя дываны. Для іх былі характэрны такія выявы, як вясельны карагод, маладая пара, жывелы, птушкі.

Сёння ў Гудзевіцкім музеі сабрана багатая калекцыя падвойных дываноў. Большасць з іх – творчасць Веры Iгнатаўны. Па старадаўніх экспанатах можна вывучаць гісторыю.

Так, гэтую прыгажосць зрабіла свякроў вядомай паэткі Ларысы Геніюш ў 1900 годзе! Ружы і вінаград у XIX стагоддзі любілі ткаць для дома і храма. Шэдэўры з чыстай воўны былі па 6 метраў і 6 кiлаграмаў, а то і болей.

Талент перадаецца ў спадчыну, а гэта значыць, што слава аб Гудзевічах будзе жыць доўга. У старадаўніх замках і сучасных інтэр'ерах, дызайнерскай вопратцы і брэндавых сувенірах.

Вера Белакоз:
Турысты тут былі з цэлага свету! З Амерыкі, з Аўстраліі. Швейцарыі, Германіі, Францыі. Дзівяцца, што людзі могуць так зрабіць.