Удзельнічаў у вайне і перакладаў міравых класікаў. Чым яшчэ займаўся бацька беларускай сатыры?

27.03.2021 - 09:20

Навіны Беларусі. Вяршыняй творчасці Кандрата Крапівы многія лічаць менавіта яго байкі, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ. Яны зрабіліся настолькі папулярнымі ў народзе, што нават выдаваліся вось на такіх асобных пласцінках. Увогуле, Крапіва настолькі трапна кпіў над рознымі недахопамі грамадскасці, што дасталася нават нашаму брату-журналісту. Вось што ён напісаў у сваёй гумарыстычнай эпіграме.

Як буду я ляжаць ужо ў труне,
Закончыўшы зямныя справы,
Ён, заклапочаны, рухавы,
Падскочыць з мiкрафонам да мяне
I скажа: «Цесната, я ледзь прабраўся.
Ну як вам мiтынг, спадабаўся?

Яна Шыпко, карэспандэнт:
Вось так, скажу шчыра, з гумарам, але па справядлівасці па нашаму часам вельмі дакучліваму брату.

Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Справа ў тым, што гэта апошняя эпіграма, якую ён напісаў у сваім жыцці. Яна напісана незадоўга да таго, як ён пайшоў з жыцця. Нават, бачыце, над гэтай падзеяй ён пажартаваў. Вось што значыць гумар.

Кірыл Глод, загадчык музея Кандрата Крапівы, выкладчык гісторыі Ўздзенскай СШ № 2 імя К. К. Крапівы:
У Кандрата Крапівы ёсць некалькі вельмі яскравых вобразаў. Па-першае, ён настаўнік. Салдат. Потым, канешне, гэта драматург, байкапісец і паспяховы навуковы супрацоўнік. Першая сусветная вайна – ён скончыў школу прапаршчыкаў і трапіў на Румынскі фронт у 1916 годзе. Ён удзельнічаў у баявых дзеяннях, але быў паранены, адпраўлены ў тыл і дэмабілізаваны.

Нават паспеў папрацаваць пасля вайны, з лістапада 1918 года, у школе адной з вёсак. Аднак не вельмі доўга, таму што ўжо пачалася польска-савецкая вайна. То бок, Першая сусветная, польска-савецкая вайна – гэта роля салдата, чалавека, які непасрэдна прымаў удзел у баявых дзеяннях.

Таксама гэта датычыцца зімняй вайны з Фінляндыяй 1939-1940 гадоў. Але ўжо ў Другой сусветнай вайне яго роля была іншай, таму што чалавек ужо з багатым літаратурным вопытам, з вопытам працы ў навуковай установе – яму пашчасціла папрацаваць рэдактарам некалькіх выданняў.

Вольга Гулева, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларуская літаратуры:
З 1943 і па 1945 год гэту газету ўзначальваў Кандрат Кандратавіч Крапіва, быў галоўным рэдактарам. Зразумела, што ён друкаваўся і як аўтар, таму газета дае магчымасць нам з вамі ўзгадаць і працу яго як рэдактара і байкапісца, бо гады вайны – гэта трагічныя падзеі, і побач з сапраўднай зброяй паўстала мастацкае слова, бо пісьменнікі, паэты, празаікі добра разумелі, што слова падтрымлівае чалавека там – і на фронце, і на акупаванай тэрыторыі.

Сапраўды былі значнымі сатырычныя творы, якія падтрымлівалі, давалі сілу. Так гэта праіснавала да 1945 года, а ў 1945 годзе знікае «Раздавім фашысцкую гадзіну», затое нараджаецца «Вожык». Першыя гады «Вожыка», 1945-1947, узначаліў якраз Кандрат Кандратавіч Крапіва. А па жыцці ён заўсёды заставаўся з сатырай.

Яна Шыпко:
Магчыма сказаць, што Кандрат Кандратавіч быў паліглотам?

Алена Атраховіч:
У яго, відаць, былі прыродныя здольнасці да вывучэння мовы, таму што трэба мець нешта ад прыроды. Ён добра ведаў нямецкую мову, чытаў нямецкую літаратуру ў арыгінале, выпісваў нямецкую прэсу і чытаў, што адбываецца ў свеце, у Германіі. Вельмі добра ён ведаў польскую мову. Я лічу, што дасканала ведаў – таксама ў арыгінале чытаў і перакладаў творы.

Яна Шыпко:
Дзякуючы Кандрату Крапіве многія творы міравых класікаў загучалі па-беларуску. Як ён ставіўся да сваёй працы над перакладамі?

Алена Атраховіч:
Кандрат Кандратавіч перакладаў і Астроўскага, і Шэкспіра, Адама Міцкевіча, Чэхава. Я думаю, што атрымаецца зборнік.

Яна Шыпко:
Напэўна, дзякуючы такой папулярнасці, Кандрат Кандратавіч атрымліваў вельмі шмат лістоў. Як ён падтрымліваў зваротную сувязь з чытачамі?

Алена Атраховіч:
Ён атрымліваў шмат лістоў, і лісты, якія захаваліся, а ён беражліва рэчы захоўваў, зараз знаходзяцца ў архіве Акадэміі навук. Дарэчы, ён жа быў дэпутатам Вярхоўнага Савета некалькіх скліканняў, і ў гэтым накірунку таксама ішла актыўная перапіска. Я вельмі добра гэта памятаю, як людзі звярталіся, ён дапамагаў. Я яму кажу: давай я на машынцы надрукую. Дык ён кажа: не, трэба ад рукі – так цяплей будзе.

«Яго гумар быў заўсёды дарэчы». Унучка Кандрата Крапівы ўспамінае, якім быў яе знакаміты дзядуля ў жыцці – чытайце ў матэрыяле.

Loading...


«Яго гумар быў заўсёды дарэчы». Унучка Кандрата Крапівы ўспамінае, якім быў яе знакаміты дзядуля ў жыцці



Навіны Беларусі. Ці шмат смяяўся ва ўласным жыцці Кандрат Крапіва? Як прайшоў чатыры вайны і самай моцнай зброяй абраў гумар? Праграма «Цэнтральны рэгіён» на СТБ прысвечана 125-годдзю адной з самых выбітных постацяў беларускай літаратуры.

Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Я яшчэ памятаю сябе малой дзяўчынкай. Прыходзіла да дзеда, казала: дзядуля, давай памалюем. Я любіла маляваць. Ён адгукаўся, і мы з ім разам малявалі. Я зараз памятаю гэтыя малюначкі, яны былі такія «вострыя», графічныя і, на мой погляд, вельмі прафесійныя.

Я проста здзіўляюся, адкуль – ён жа не вучыўся нідзе маляванню. Сам ён, праўда, да гэтага сур’ёзна не ставіўся, але я тады не разумела, што гэта будзе музейны экспанат. Дзе ж мне было ўжо ўсвядоміць гэта? Таму не захавалася. Розныя: і жывёлы, і нейкія краявіды.

Яна Шыпко, карэспандэнт:
То бок, у дзяцінстве вы не ўспрымалі маштаб постаці свайго дзядулі?

Алена Атраховіч:
Самі разумееце: калі гэта родны чалавек, дык яго так і ўспрымаеш. Канешне, дзядулін аўтарытэт быў і ў сям’і таксама. Памятаю сябе яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай – з гонарам усім гаварыла, што мой дзядуля – пісьменнік. Для мяне пісьменнік – гэта было нешта вельмі-вельмі паважанае.

Яна Шыпко:
Як быў арганізаваны звычайны дзень Кандрата Кандратавіча? Ці магчыма назваць яго трудаголікам?

Алена Атраховіч:
Ён раніцай уставаў даволі рана, збіраўся і ішоў на працу. Пасля працы ён вяртаўся дадому і некаторы час адпачываў – павячэрае і ідзе ў свой пакой на гадзіны дзве. Пасля ён пап’е гарбаты і зноў ідзе ў свой кабінет працаваць. І працаваў ён гадзін да двух-трох ночы. Нешта пісаў – можа, свае навуковыя працы, байкі ці п’есы, але пішучая машынка грукатала. Гэта грукат такі родны. Або проста нешта пісаў, і яго лямпа, свет з-пад дзвярэй кабінета амаль да раніцы свяціўся.

Кірыл Глод, загадчык музея Кандрата Крапівы, выкладчык гісторыі Ўздзенскай СШ № 2 імя К. К. Крапівы:
Народны падмурак ён ніколі не губляў, і яго вясковы досвед працы адбіўся на ім вельмі сур’ёзна. Адтуль лічыцца, што ў яго быў вельмі прабіўны характар.

Яна Шыпко:
Магчыма, разам з дзядулем вам даводзілася бываць у яго роднай вёсцы. Ці часта ён наведваўся на малую радзіму?

Алена Атраховіч:
Ён наведваў час ад часу, сустракаўся там з землякамі. Мы з ім таксама ездзілі. Я памятую адну з такіх паездак – я была яшчэ школьніцай. Пасля я яшчэ не раз там была, і зараз прыязджаю. Там нейкае паветра асаблівае, лёгка дыхаецца. Што датычыцца паездак разам з дзядулем, памятаю адну з такіх паездак. Прыехалі мы, і адразу ўся вёска (больш было людзей, чым зараз) сабралася, каб павітацца з Кандратам Крапівой. Хто нясе бліны, хто – дранікі, нейкі пачастунак. Усе разам сабраліся – размовы, жарты, песні спявалі. Жыхары Нізка – людзі вельмі таленавітыя. Там ёсць і паэты, і музыканты. Вось яны сабраліся і чыталі свае вершы, хтосьці на баяне граў, на балалайцы, на гітары. Адным словам, было вельмі весела.

Землякі шмат гадоў выбіралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі. Ён – Герой Сацыялістычнай Працы. Кандрат Крапіва па праву носіць пачэснае званне народнага пісьменніка Беларусі, таму што ўся яго творчасць, яго нястомная праца, шматгранная грамадская дзейнасць – для народа, у імя яго светлай будучыні.

Яна Шыпко:
Па фотаздымкам падаецца, што ён быў вельмі сямейны чалавек, шмат часу бавіў са сваякамі.

Алена Атраховіч:
З сям’ёй ён любіў праводзіць час. Любіў ездзіць у адпачынак, але з сям’ёй. На дачу, у дом адпачынку, але ж з сям’ёй, каб разам былі і дзеці, і ўнукі, каб усе былі разам.

Яна Шыпко:
Падаецца, што яго жонка, ваша бабуля, была вельмі смяшлівая, са шчырай усмешкай, а Кандрат Крапіва наадварот – са строгімі рысамі твару. Ці шмат ён смяяўся ў жыцці?

Алена Атраховіч:
Пра бабулю з задавальненнем раскажу. Яна пражыла не вельмі доўга, я памятаю яе, калі яшчэ была маленькай дзяўчынкай, але ж памятаю добра, яскрава, таму што шмат з ёй кантактавала, мы з ёй вельмі сябравалі. Яна была поўнай супрацьлегласцю дзеду. Ён быў высокі, худы ўсё жыццё, а яна, наадварот, – нізенькая і паўнаватая.

Дзед і казаў, што пакахаў яе за гэтую ўсмешку. Смяшлівая. Яна ў хаце, калі былі дома, у сям’і, увесь час жартавала. Яе жарты – усе проста хахаталі. А дзядуля больш стрыманы. Канешне, калі быў у добрым настроі, мог і пажартаваць. Яго гумар быў заўсёды дарэчы, да месца, нават і дапамагаў у нейкіх жыццёвых абставінах.

Камедыі трэба паказваць станоўчыя і адмоўныя, але ж мастацтва – гэта адлюстраванне нашай рэчаіснасці, а ў нашай рэчаіснасці спрэчнае пераважае станоўчае, таму і ў творах трэба паказваць станоўчае і адмоўнае ў такой жа прапорцыі, як яно ёсць у жыцці.

Алена Атраховіч:
Вось, напрыклад, «Брама неўміручасці». Калі яна ставілася ў Купалаўскім тэатры, гэта даўно было, але я добра памятаю, як я хадзіла з дзядулем на рэпетыцыі, ён браў мяне, і я вельмі ўдзячная, што ён мяне браў час ад часу, таму што засталіся моцныя ўражанні ад гэтага. Ён вельмі ўважліва ставіўся да трактоўкі персанажаў. Ставіў тады п’есу Валерый Раеўскі, малады яшчэ.

Цудоўна паставіў, але былі нейкія спрэчкі паміж аўтарам і рэжысёрам. Я памятаю, гарачыя спрэчкі былі. У выніку атрымаўся цудоўны спектакль. Ён заўсёды змагаўся за чысціню мовы, лічыў, што трэба чыста гаварыць на мове, без нейкіх дыялектаў, калі ты хочаш, каб твая мова была літаратурнай, правільнай, класічнай. І сам ён гаварыў на вельмі добрай, класічнай беларускай мове.

Чаму беларускі драматург пісаў пад прозвішчам Крапіва, і які яшчэ невядомы псеўданім у яго быў? Чытаць тут.