Больш за ўсіх «даставалася» нежанатым хлопцам. Якія гульні былі папулярнымі ў нашых продкаў на Масленіцу? | Столичное телевидение - СТВ
новости СТВ в твиттере

Больш за ўсіх «даставалася» нежанатым хлопцам. Якія гульні былі папулярнымі ў нашых продкаў на Масленіцу?

13.02.2018 - 10:38

Масленіца – самы прыдатны час для моладзі, якая збіралася ў гурты і пускалася ў скокі.
Ох, і круцілася ў галаве ад такіх актыўных танцаў, але затое ніякія маразы не былі страшныя! Чаго толькі не прыдумлялі нашы продкі, каб добра адпачыць і пацешыцца. 

Лідзія Малькевiч, малодшы навуковы супрацоўнiк Беларускага дзяржаўнага музея народнай архiтэктуры i побыту:
На Масленіцу заўсёды адбываліся масленічныя гульні. Гульні былі розныя. Адна з іх – «Дастань гаршок з печы».

Алена Паўлава, малодшы навуковы супрацоўнік ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН Беларусі:
Для сучаснай моладзі вельмі шмат розных мерапрыемстваў сёння робяць і святкуюць. А раней гэтага ўсяго не было і моладзь з вялікім задавальненнем, з такім захапленнем чакала кожнага свята. Яны збіраліся разам, яны выходзілі на вуліцу і святкавалі яго.

Час за забавамі ляцеў непрыкметна, толькі шчокі паспявалі ружавець. У такіх гульнях маладыя больш прыглядаліся адзін да аднаго. Дзяўчаты выяўлялі хітрасць і кемлівасць, а хлопцы маглі прадэманстраваць мужнасць і сілу.

Лідзія Малькевiч:
На Масленіцу яшчэ адбывалася такая гульня як біццё падушкамі. 

Больш за ўсіх «даставалася» нежанатым хлопцам. Аднавяскоўцы прымушалі іх «цягаць калодкі», прывязваючы да ног абрубак дрэва. З ім яны павінны былі хадзіць па вёсцы. Той, хто не жадаў «цягаць калодкі», адкупаўся грашыма або пачастункам. А самыя ганарлiвыя хлопцы аддавалі перавагу гульне «Пеўнікі». Правілы былі вельмі простыя. Акрэслівалi круг, у яго заходзілі двое. Трэба было на адной назе, сагнуўшы другую, выпхнуць суперніка за межу, не выкарыстоўваючы пры гэтым рук. Але на гэтым гуляннi не заканчваліся.

Лідзія Малькевiч:
Дзяўчаты і хлопцы заўседы гулялі ў такую гульню як «Кальцекід». Вось трэба кола павесіць вось на гэтую калодку, папасць. Хто гэта зробіць, той атрымлівае прыз.

Не паспелі пераможцы як мае быць нацешыцца сваім трыумфам, як пачыналася новая гульня.

Лідзія Малькевiч:
Даўнешняя гульня «Гусікі». У яе яшчэ калісьці гулялі нашы пра-прабабулі ў XIX стагоддзі. Хлопцы разам з дзяўчатамі збіраліся і заганялі палкай ў ямку гусіка. Вось калі гэта адбывалася, то азначала, што гэта каманда перамагла.

Ну і якая Масленіца без скаканняў у мяшках?! Гэтая забава і сёння досыць папулярная сярод дарослых і дзяцей. А вось катанне з ледзяной гары на Масленіцу было не проста пацехай, а сапраўдным абрадам, бо лічылася, што, чым далей з гары скоціцца маладая гаспадыня, тым вышэй вырасце ў яе лён! У народзе так і казалі, што ідуць катацца «на доўгі лён».

Ды і наогул, нашы продкі былі ўпэўненыя, што той, хто не весяліцца на Масленіцу, пражыве год бедна і бязрадасна.

Якія гульні былі папулярны сярод нашых продкаў на Масленіцы?
Загрузка...