«Жартаваў, што трэба пісаць пра сусветную тугу». Як пачынаўся творчы шлях беларускага сатырыка Кандрата Крапівы?

25.03.2021 - 15:01

Навіны Беларусі. Хто той чалавек, які прынёс гэтым людзям столькі радасці і весялосці? Хто так тонка адчувае народны густ, валодае дасціпным словам, іскрыстым гумарам? Вось ён, гэты чарадзей, выдатны майстар сатыры, народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ.

Кірыл Глод, загадчык музея Кандрата Крапівы, выкладчык гісторыі Ўздзенскай СШ № 2 імя К. К. Крапівы:
Сам Кандрат Крапіва навучаўся ва Уздзе некаторы час, аднак хутка вымушаны быў з’ехаць, таму што тут яму не хапала магчымасці для самаадукацыі. Ён змяніў некалькі вучылішчаў – Узда, Стоўбцы і Койданава, і ўсё ў пошуках добрай бібліятэкі і месца для самаадукацыі.

Яна Шыпко, карэспандэнт:
То бок, у яго заўсёды было такое імкненне да ведаў? Таму што ў сваіх успамінах ён узгадваў, як бацька казаў, што больш чым да 100 і не трэба лічыць. Навучыўся ў чатырох класах і хопіць.

Кірыл Глод:
Такі падыход, канешне, быў, і сам Кандрат Крапіва не думаў першапачаткова, што яго лёс апынецца такім насычаным, напрыклад, на навуковае жыццё. Кандрат Крапіва першапачаткова планаваў асесці на зямлі.

Яна Шыпко:
А ён з маленства штосьці пісаў, вершы складаў, ці гэта потым праявілася?

Кірыл Глод:
Гэта не з самага маленства – ужо было больш напярэдадні Першай сусветнай вайны, калі ён скончыў вучылішча, то пачаў пісаць першыя вершы.

Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Калі ён быў юнаком, яшчэ вучыўся ў Койданаўскім вучылішчы, то натхніўся творамі Лермантава, Пушкіна і лічыў, што ў паэзіі, як ён жартаваў, трэба пісаць пра сусветную тугу. І напісаў шэраг лірычных вершаў, паказаў свайму настаўніку літаратуры, той пахваліў і яшчэ больш яго натхніў. І тады малады Кандрат Атраховіч дасылае верш у часопіс. Прыходзіць адказ. Там такая прыгожая папера з вензелямі, і напісана на рускай мове «Многоуважаемый Кондратий Кондратьевич».

Ён смяяўся, прачытаў і кажа: «Мяне з роду ніхто так не называў, але калі так звяртаюцца – значыць, спадабаўся мой верш». Але далей чытае, а там напісана: «Ваши стихи не имеют художественной ценности, потому мы их печатать не будем». Ён падумаў, што і не трэба. Гэта марная справа, тады і не трэба займацца паэзіяй. І ён закінуў гэтую справу на восем гадоў. Пасля вярнуўся, але ж да сатыры.

Да 125-годдзя Кандрата Крапівы. Паглядзіце на адзіны ў краіне музей пісьменніка – падрабязнасці тут.

Loading...


Удзельнічаў у вайне і перакладаў міравых класікаў. Чым яшчэ займаўся бацька беларускай сатыры?



Навіны Беларусі. Вяршыняй творчасці Кандрата Крапівы многія лічаць менавіта яго байкі, расказалі ў праграме «Цэнтральны рэгіён» на СТБ. Яны зрабіліся настолькі папулярнымі ў народзе, што нават выдаваліся вось на такіх асобных пласцінках. Увогуле, Крапіва настолькі трапна кпіў над рознымі недахопамі грамадскасці, што дасталася нават нашаму брату-журналісту. Вось што ён напісаў у сваёй гумарыстычнай эпіграме.

Як буду я ляжаць ужо ў труне,
Закончыўшы зямныя справы,
Ён, заклапочаны, рухавы,
Падскочыць з мiкрафонам да мяне
I скажа: «Цесната, я ледзь прабраўся.
Ну як вам мiтынг, спадабаўся?

Яна Шыпко, карэспандэнт:
Вось так, скажу шчыра, з гумарам, але па справядлівасці па нашаму часам вельмі дакучліваму брату.

Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, унучка Кандрата Крапівы:
Справа ў тым, што гэта апошняя эпіграма, якую ён напісаў у сваім жыцці. Яна напісана незадоўга да таго, як ён пайшоў з жыцця. Нават, бачыце, над гэтай падзеяй ён пажартаваў. Вось што значыць гумар.

Кірыл Глод, загадчык музея Кандрата Крапівы, выкладчык гісторыі Ўздзенскай СШ № 2 імя К. К. Крапівы:
У Кандрата Крапівы ёсць некалькі вельмі яскравых вобразаў. Па-першае, ён настаўнік. Салдат. Потым, канешне, гэта драматург, байкапісец і паспяховы навуковы супрацоўнік. Першая сусветная вайна – ён скончыў школу прапаршчыкаў і трапіў на Румынскі фронт у 1916 годзе. Ён удзельнічаў у баявых дзеяннях, але быў паранены, адпраўлены ў тыл і дэмабілізаваны.

Нават паспеў папрацаваць пасля вайны, з лістапада 1918 года, у школе адной з вёсак. Аднак не вельмі доўга, таму што ўжо пачалася польска-савецкая вайна. То бок, Першая сусветная, польска-савецкая вайна – гэта роля салдата, чалавека, які непасрэдна прымаў удзел у баявых дзеяннях.

Таксама гэта датычыцца зімняй вайны з Фінляндыяй 1939-1940 гадоў. Але ўжо ў Другой сусветнай вайне яго роля была іншай, таму што чалавек ужо з багатым літаратурным вопытам, з вопытам працы ў навуковай установе – яму пашчасціла папрацаваць рэдактарам некалькіх выданняў.

Вольга Гулева, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларуская літаратуры:
З 1943 і па 1945 год гэту газету ўзначальваў Кандрат Кандратавіч Крапіва, быў галоўным рэдактарам. Зразумела, што ён друкаваўся і як аўтар, таму газета дае магчымасць нам з вамі ўзгадаць і працу яго як рэдактара і байкапісца, бо гады вайны – гэта трагічныя падзеі, і побач з сапраўднай зброяй паўстала мастацкае слова, бо пісьменнікі, паэты, празаікі добра разумелі, што слова падтрымлівае чалавека там – і на фронце, і на акупаванай тэрыторыі.

Сапраўды былі значнымі сатырычныя творы, якія падтрымлівалі, давалі сілу. Так гэта праіснавала да 1945 года, а ў 1945 годзе знікае «Раздавім фашысцкую гадзіну», затое нараджаецца «Вожык». Першыя гады «Вожыка», 1945-1947, узначаліў якраз Кандрат Кандратавіч Крапіва. А па жыцці ён заўсёды заставаўся з сатырай.

Яна Шыпко:
Магчыма сказаць, што Кандрат Кандратавіч быў паліглотам?

Алена Атраховіч:
У яго, відаць, былі прыродныя здольнасці да вывучэння мовы, таму што трэба мець нешта ад прыроды. Ён добра ведаў нямецкую мову, чытаў нямецкую літаратуру ў арыгінале, выпісваў нямецкую прэсу і чытаў, што адбываецца ў свеце, у Германіі. Вельмі добра ён ведаў польскую мову. Я лічу, што дасканала ведаў – таксама ў арыгінале чытаў і перакладаў творы.

Яна Шыпко:
Дзякуючы Кандрату Крапіве многія творы міравых класікаў загучалі па-беларуску. Як ён ставіўся да сваёй працы над перакладамі?

Алена Атраховіч:
Кандрат Кандратавіч перакладаў і Астроўскага, і Шэкспіра, Адама Міцкевіча, Чэхава. Я думаю, што атрымаецца зборнік.

Яна Шыпко:
Напэўна, дзякуючы такой папулярнасці, Кандрат Кандратавіч атрымліваў вельмі шмат лістоў. Як ён падтрымліваў зваротную сувязь з чытачамі?

Алена Атраховіч:
Ён атрымліваў шмат лістоў, і лісты, якія захаваліся, а ён беражліва рэчы захоўваў, зараз знаходзяцца ў архіве Акадэміі навук. Дарэчы, ён жа быў дэпутатам Вярхоўнага Савета некалькіх скліканняў, і ў гэтым накірунку таксама ішла актыўная перапіска. Я вельмі добра гэта памятаю, як людзі звярталіся, ён дапамагаў. Я яму кажу: давай я на машынцы надрукую. Дык ён кажа: не, трэба ад рукі – так цяплей будзе.

«Яго гумар быў заўсёды дарэчы». Унучка Кандрата Крапівы ўспамінае, якім быў яе знакаміты дзядуля ў жыцці – чытайце ў матэрыяле.