Новости: «Пеўнік спявае, а сабачка гаўкае – і мне весялей». Женщина более 30 лет прожила одна в деревне, выселенной после аварии на ЧАЭС
новости СТВ в твиттере новости СТВ в инстаграмм

«Пеўнік спявае, а сабачка гаўкае – і мне весялей». Женщина более 30 лет прожила одна в деревне, выселенной после аварии на ЧАЭС

26.04.2018 - 22:50

Чарнобыльская хмара накрыла чацвёртую частку тэрыторыі Беларусі. У зонах забруджвання радыяцыяй апынулася 3 668 населеных пунктаў, 53 раёны.

У Брагінскім раёне абязлюдзелі амаль 60 вёсак.

Уладзiмiр Субат, журналiст:
Не аднойчы мне даводзілася бываць у выселенай пасля чарнобыльскай катастрофы брагінскай вёсцы Дуброўнае. І кожны раз цікавіла – ці ёсць там жыццё? Мінула 32 гады пасля той страшэннай катастрофы, якая памяняла свет на «да і пасля Чарнобыля». І вось журналісцкія шляхі-дарогі зноў мяне прывялі сюды, у Дуброўнае. 

Ці ёсць тут сёння жыццё?

Уладзiмiр Субат:
Галоўная вуліца Дуброўнага. Яна больш падобная нават не на сад, а на парк.

Столькі маладых дрэўцаў сярод старых яблынь, якія паміраюць, дажываюць свой час.

І вось сустрэча. Добры дзень!

Яўгенiя Данчанка, жыхар вёскі Дуброўнае:
Добры.

Уладзiмiр Субат:
Як вас жа вас зваць?

Яўгенiя Данчанка:
Жэня.

Уладзiмiр Субат:
А па бацьку?

Яўгенiя Данчанка:
Сяргееўна.

Уладзiмiр Субат:
Яўгенія Сяргееўна.

Яўгенiя Данчанка:
Так.

Уладзiмiр Субат:
І, канешне, прозвішча, напэўна, такое, як у ўсіх у Дуброўным?

Яўгенiя Данчанка:
Так. Данчанка. У нас большасць Данчанка.

Уладзiмiр Субат:
Вы зараз адна ў хаце?

Яўгенiя Данчанка:
Адна.

Уладзiмiр Субат:
Сігналіць нехта. Хто гэта едзе?

Яўгенiя Данчанка:
Аўталаўка.

Тры разы на тыдзень аўталаўка Брагінскага спажывецкага таварыства курсіруе па выселеных вёсках. Сяляне не адчуваюць сябе забытымі.

Усе неабходныя тавары дастаўляюць.

Яўгенiя Данчанка:
Гэта мая дарагая прадаўшчыца. Яна мяне жалее. Яна маю сумачку прынясе.

Уладзiмiр Субат:
Што б Вы без яе рабілі б?

Прадавец аўталаўкі:
А я без них. Ну что, бабулечка, пойдёмте.

Яўгенiя Данчанка:
А я ж денег не взяла.

Прадавец аўталаўкі:
Ничего.

Яўгенiя Данчанка:
Малачка, булачку хлеба. Рысу.

Уладзiмiр Субат:
Што яшчэ хочаце ўзяць?

Яўгенiя Данчанка:
Вафлі ёсць? Я вафелькі хачу. Две дай.

«Мае суседзі былі ўсе – добрыя людзі»

Так званыя самасёлы чарнобыльскіх вёсак, па звычцы, вядуць сваю гаспадарку.

Кожную вясну засяваюць агароды.

А вось сады за дзесяцігоддзі здзічэлі, многія дрэвы ўчарнелі.

Памятае Яўгенія Сяргееўна дачарнобыльскае жыццё ў Дуброўным.

Яўгенiя Данчанка:
Мы тут вяселле гулялі. А гэта была адна хата. І вось гэта.

Дзве было. І тут мае суседзі. Добрыя людзі.

Усе добрыя людзі.

А тут крынічка была.

Уладзiмiр Субат:
Палескія крыніцы. А вада, напэўна, такая смачная.

Яўгенiя Данчанка:
Светленькая.

«Усе збіраліся вечарам. Ідзем па асфальту і песні спяваем»

Да чарнобыльскай катастрофы больш за сто сямей жыло ў Дуброўным.

Людзі працавалі на палях саўгаса «Астрагляды», даглядалі на жывёлагадоўчых фермах кароў, цялятаў, свіней.

Гаспадарка была адной з лепшых на Гомельшчыне.

Як гаворыць наша гераіня – жыццё тут кіпела.

Уладзiмiр Субат:
Колькі вяргінь, квітнелі кветнікі нашы. Аж душа радавалася.

Шырокія палі акружаюць Дуброўнае. Зямля тут ўрадлівая, шчодрая на ўраджаі збожжавых, бульбы і іншых культур.

Гэта была сапраўдная палеская жытніца.

Яўгенiя Данчанка:
Раней, яшчэ жылі ўсе тут, усе збіраліся вечарам. Ідзем па ўсяму асфальту і песні спяваем, да самага скрыжавання.

Як начная прагулка.

Уладзiмiр Субат:
Ці даўно Вам даводзілася такі праменад па Дуброўным ладзіць?

Яўгенiя Данчанка:
Як сёння? Гэта ўжо даўно.

«Прыйшоў у маю хату, што трэба атаварыўся, і пайшоў»

Вандроўку па Дуброўным працягнулі ў доме гаспадыні.

Уладзiмiр Субат:
Хто гэта заліваецца? Як зваць яе?

Яўгенiя Данчанка:
Жучка.

Уладзiмiр Субат:
Колькі ёй гадоў?

Яўгенiя Данчанка:
Два.

Уладзiмiр Субат:
А хату на замок зачыняеце?

Яўгенiя Данчанка:
Замыкаю, так.

Уладзiмiр Субат:
Ад каго?

Яўгенiя Данчанка:
Каб яго апублікавалі, каб пабачылі, як ён вырывае. Прыйшоў у маю хату, што трэба атаварыўся, і пайшоў.

І вось такое выпрабаванне даводзіцца цярпець адзінокім састарэлым у пакінутых чарнобыльскіх вёсках.

Яўгенiя Данчанка:
Вось я тваражок адтапіла і буду есці.

Уладзiмiр Субат:
Бачу яйкі на стале. Курачкі нясуцца?

Яўгенiя Данчанка:
Нясуцца. А вось мой тэлефончык.

Тэлефануюць: «Мама, як ты?»

«Пеўнік спявае, а сабачка гаўкае – і мне весялей»

У Яўгеніі Сяргееўны – два сыны. З сем’ямі яны выехалі з Дуброўнага. Старэйшы жыве ў Гомелі, а малодшы – на Віцебшчыне.

Уладзiмiр Субат:
У вас уся цывілізацыя ў хаце.

Яўгенiя Данчанка:
Так.

Уладзiмiр Субат:
Вы не адчуваеце сябе адзінокай?

Яўгенiя Данчанка:
Не, пеўнік спявае, а сабачка гаўкае – і мне весялей.

32 гады таму старэйшы сын Яўгеніі Сяргееўны толькі ажаніўся. Пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі сям’я Данчанкаў даведалася ад сватоў.

Яўгенiя Данчанка:
Не сказаў ніхто, што такая бяда.

Уладзiмiр Субат:
Люді раз’ехаліся па свеце.

Яўгенiя Данчанка:
А хочацца сустрэцца. Хочацца такога, но ўжо яго не будзе.

«Бацька казаў: «Донька, нікуды не хадзі. Мы тут моцна гаравалі, працавалі. Жыві да канца»

Яўгенія Сяргееўна так і не пакінула родны дом. І засталася адна. І ўсе гэтыя 32 гады – на ўсю выселеную вёску Дуброўнае.

Уладзiмiр Субат:
Людзі паехалі з Дуброўнага, а чаму Вы не пакінулі?

Яўгенiя Данчанка:
Я – па просьбе свайго бацькі. Ён казаў: «Донька, нікуды не хадзі. Мы тут моцна гаравалі, працавалі. І жыві да канца, пакуль будзеш жыць».

З кожным годам усё цяжэй гаспадыні ўпраўляцца са сваім агародам, соткі засяваць.

Здароў’ё ўжо не тое, што ў маладыя гады.

Але знаходзіць сілы, каб не пуставала зямля.

Яўгенiя Данчанка:
Вось мой агародзік. Мая клубнічка, мой часнычок.

Я ўжо трошкі апрацавала.

Там будуць у мяне і памідорчыкі, і перчыкі, і агурчыкі. Раней у мяне быў вялікі агарод. Я трымала свіней.

Зямлі ў мяне багата было.

Хадзіце ўжо дадому.

Уладзiмiр Субат:
Хочацца пабачыць Вашу хату. О, у Вас тут, як у музеі. Столькі здымкаў, карциін, дываноў.

Падарыце трошкі якой-небудзь песні Вашай.

Яўгенiя Данчанка:
Ой пры лужку, пры луне, пры шчаслівай долі…

Лёс Дуброўнага, як лічыць наша гераіня, у жыцці чалавека. Ёсць людскія сілы і радасць – будзе жыць і зямля. Наперакор ўсяму.

Уладзiмiр Субат:
Вас слухаеш і здаецца, што ў Вас суму няма.

Яўгенiя Данчанка:
Няма.

Уладзiмiр Субат:
Што у Вашым сэрцы Дуброўнае засталося…

Яўгенiя Данчанка:
Жывым.

Уладзiмiр Субат:
Вы агеньчык Дуброўнага? Той самы агеньчык, які дае жыццё ўсёй вёсцы?

Яўгенiя Данчанка:
Можа быць і так.

Уладзiмiр Субат:
Проста хачу стаць на калена, бо такое пачуцце… Дай Бог Вам здароўя і цярпення.

«Нас эвакуіравалі, так мы паздавалі свае дамы. А цяпер ужо я плачу за яго»

Людзей у выселеных вёсках не забываюць. Не толькі аўталаўка курсіруе тут, але і пошта. У дзень здымак прымчала ў Дуброўнае паштовая машына, каб адзінай жыхарцы даставіць пенсію.

Уладзiмiр Субат:
Пенсію Вам прывезлі.

Яўгенiя Данчанка:
Здрасьце. Праверце, калі ласка, мне лічыльнік.

Прапісана наша гераіня ў гомельскай кватэры старэйшага сына, аднак ў вёсцы карыстаецца благамі цвывілізацыі і спраўна разлічваецца за гэта.

Яўгенiя Данчанка:
Нас эвакуіравалі, так мы паздавалі свае дамы. А цяпер ужо я плачу за яго. Трэба ж усё па закону.

Уладзiмiр Субат:
І Жучка чакае ад пенсіі пачастункаў.

Яўгенiя Данчанка:
Прывыкла і чакае.

Часткай сваёй пенсіі Яўгенія Сяргееўна дзеліцца з дзецьмі і ўнукамі. Не першы год рэгулярна штомесяц адпраўляе паштовыя пераводы ім.

Яўгенiя Данчанка:
Мае ж дзеткі прыязджаюць не з пустымі рукамі, а ўсяго мне панавязуць заўсёды. Так і мне ж трэба.

Сотрудница «Белпочты»:
У Вас внуки есть?   

Яўгенiя Данчанка:
У мяне ўнучачка Машка і праўнучак.

Сотрудница «Белпочты»:
Вот «Сельская газета», там про Комарин. «Каму прыгожа і ладна жывецца ў палескім Камарыне». Почитайте. Про Брагинский район.

Яўгенiя Данчанка:
Дай Бог, штоб і мы так усе жылі ў сваім Дуброўным.

Уладзiмiр Субат:
Здавалася б, прытамілі мы адзіную жыхарку Дуброўнага.

Яўгенiя Данчанка:
Ну што, яшчэ пасядзім?

Уладзiмiр Субат:     
Але не, нагаманіцца не маглі. Так не хацелася раставацца.

А некалькі гадоў таму адзінай жыхарцы Дуброўнага стала крыху весялей. Вярнулася ад сыноў з Мар’інай Горкі суседка Ганна Данчанка.

«Як стануць польку танцаваць! Аж у ляску чутна. Хлопцы і дзеўкі прыбягалі да нас гуляць, у Дуброўна»

Ганна Данчанка, жыхар вёскі Дуброўнае:
Ой, я ўжо збіралася ісці. Ды ўключыла радыё. Песні перадаюць.

Аптымізма дубровенскім сяброўкам не займаць. Ёсць ім што ўзгадаць з мінулага роднага Дуброўнага.

Ганна Данчанка:
Пабудавалі той клуб. Як стануць польку танцаваць! Полька ўлева, полька ўправа. Аж у ляску чутна. Хлопцы і дзеўкі прыбягалі да нас гуляць, у Дуброўна. У нас было багата гарманістаў.

Адселеная тэрыторыя стала жыць па законах дзікай прыроды, дзе частые госці – не людзі, а зверы.

Ганна Данчанка:
Я выйшла, гляджу: каза-не каза. Выскачыла з-за бярозы. І сюды паглядзіць, і туды паглядзіць. Сівая. Якая вам козачка? Гэта ж – воўк. Тады баялася і хазіць туды ўжо.

«Штоб было ціха на Зямлі, мір, і любоў была ўсюды – і з тымі амерыканцамі, што яны ад нас хочуць?»

Развітваемся з дубровенскімі гаспадынямі, пакідаем іх дзяліцца ўражаннямі. Для іх, як і для нас, гэты вясновы дзень – багаты на успаміны, шчырасць, радасць.

Ганна Данчанка:
Мая даражэнькая Жэнька. Дзякуй, што ты прывяла.

Яўгенiя Данчанка:
У мяне падарункаў, гасцінцаў – прыйдзеш, пачастую.

Ганна Данчанка:
З Богам прыехалі, з Богам едзьце. і яшчэ прыязджайце. Штоб усе жылі і дужанькі былі. І штоб было ціха на Зямлі, мір, і любоў была ўсюды – і з тымі амерыканцамі, што яны ад нас хочуць? Усё, з Богам!

«Маці цалавала парог». Музей деревень, которые иcчезли после аварии на ЧАЭС, создали в Ельском районе

Загрузка...